Главная              Рефераты - Разное

Прарок. - сочинение

ХХ стагоддзе было для беларусаў парой духоўнага жнiва, у той час як для Расii -- часам багатых дажынак. Руская класiчная лiтаратура складвалася ад Аляксандра Пушкiна да Аляксандра Блока. На Беларусi яе папярэднiкам быў Ф.Багушэвiч, а першым класiкам -- Янка Купала, малодшы сучаснiк Блока. Але гэтай храналогiяй яшчэ не ўсё сказана. Янка Купала не толькi лiтаратар. ‚н -- адзiн з творцаў беларускай нацыi, бо ў iм з найбольшай паўнатой выявiўся беларускi культурны тып, нацыянальная iдэя-мара, урэшце, беларуская ментальнасць. Пра сябе паэт дакладна сказаў у санеце "Бацькаўшчына", апублiкаваным у штотыднёвiку "Наша нiва" (1915, 24 красавiка). Прывяду толькi першы катрэн i другi тэрцэт гэтай паэтычна-фiласофскай споведзi:
З зямлёй i небам звязывае мяне нiць --
Неразарваная векавечна павуцiна:
Зямля мяне галубiць, як вернага сына,
А сонца мне душу не кiдае тулiць.
I калi здзекваецца нада мной хтосьцi --
Над Бацькаўшчынай здзекваецца ён маёй.
Пра беларускую класiчную лiтаратуру i яе пачынальнiка Янку Купалу за стагоддзе склалася шмат мiфаў. Толькi не тых прарочых мiфаў, якiя твораць паэты, мастакi, а банальных, ад некампетэнтнасцi альбо тэндэнцыйнасцi.
Мiф першы: быццам бы Купала выйшаў з асяроддзя беззямельнага сялянства. Тут "забывалi" шляхецкае паходжанне роду Луцэвiчаў, праўда, не прызнанага ўладай па прычынах палiтычных i тэхнiчных. Бо царызм не хацеў мець шматлiкае апазiцыйнае дваранства ў так званым Паўночна-Заходнiм краi. А ў Купалавага дзеда не хапала дакументаў, каб даказаць сваё старадаўняе шляхецтва.
Мiф пра "беднага селянiна" Купалу (тут змешвалi паэта з яго лiрычным героем) неяк "сам сабою" экстрапалiраваўся на ўсю беларускую класiчную лiтаратуру. Мiж тым усе яе пачынальнiкi i першыя класiкi -- ад Яна Чачота, Яна Баршчэўскага, Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча да Францiшка Багушэвiча, Янкi Купалы, Цёткi (Алаiза Пашкевiч) -- былi выхадцы з каталiцкай шляхты, рэдка -- з каталiцкага сялянства, як гэта здарылася з 16-гадовым Паўлюком Багрымам (песнi яго задушалi пасля першай мелодыi "Зайграй, зайграй, хлопча малы...", 1828 г.).
Чаму сталася так, што беларуская культура, якая да ХVI стагоддзя развiвалася пераважна iнтэлектуаламi праваслаўнай арыентацыi, у эпоху свайго нацыянальнага адраджэння аказалася справай адукаванай каталiцкай шляхты? Што датычыцца класавага аспекта гэтай культурнай дамiнацыi (маю на ўвазе лiдэрства шляхты ў культурна-адраджэнцкiм руху ХIХ-- пачатку ХХ стагоддзя), то Беларусь не была выключэннем сярод краiн Цэнтральна-Усходняй Еўропы: у Расii i Польшчы элiтарная культура тады была таксама дваранскай. Пры ўсёй беднаце беларускай шляхты ў яе ўсё ж быў нейкi мiнiмум матэрыяльных рэсурсаў, каб далучыцца да асветы i культуры. Беларускае сялянства (а яно ў сярэдзiне ХIХ ст. складала каля 85 працэнтаў насельнiцтва краiны) захавала родную мову, развiло яе да той дасканаласцi, якой захапляўся Адам Мiцкевiч. Але адукацыя на вёсцы была мiзэрная, абмяжоўвалася пачатковай расiйскай школай. Там беларуская мова не дапускалася. Даць жа сваiм дзецям сярэднюю, тым больш вышэйшую адукацыю сяляне не маглi.
Нашанiўская публiцыстыка (1906--1915 гг.), пазней савецкая i сучасная навука моцна перабольшвалi паланiзацыю беларускай шляхты. Паводле ўсерасiйскага перапiсу насельнiцтва 1897 года, каля 40 працэнтаў спадчыннай шляхты Беларусi назвала сваёй роднай мовай мову беларускую. Пачынальнiкi новабеларускай лiтаратуры -- Ян Чачот, Ян Баршчэўскi, Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч, Францiшак Багушэвiч, а ў пачатку ХХ стагоддзя Янка Купала, Цётка, браты Iван i Антон Луцкевiчы i iнш. -- добра ведалi родную мову, хоць не вывучалi яе ў польскай i рускай школах, не кажучы ўжо пра iмператарскiя унiверсiтэты. Добра ведаў яе i класiк польскай лiтаратуры, беларус з Навагрудчыны Адам Мiцкевiч, бо сам сведчыў пра гэта ў парыжскiх лекцыях па гiсторыi славянскай лiтаратуры.
Урэшце, паварот беларускай (альбо лiтоўскай, як тады казалi) шляхты да беларускага нацыянальнага адраджэння быў абумоўлены негатыўнымi для былой Рэчы Паспалiтай гiстарычнымi падзеямi. Распад гэтай некалi магутнай i па-шляхецку дэмакратычнай дзяржавы ў вынiку трохразовага падзелу памiж Аўстра-Венгрыяй, Прусiяй i Расiяй (1772, 1793, 1795 гг.) i пасля паражэння трох паўстанняў, арганiзаваных прыхiльнiкамi яе адраджэння (1794, 1831, 1863--1864 гг.), прымусiлi польскую, беларускую i лiтоўскую шляхту адмовiцца ад рамантычнага iдэалу -- рэанiмацыi гiстарычна пражытай формы шматэтнiчнай канфедэратыўнай дзяржавы. З другой паловы ХIХ стагоддзя набiрала моцы перспектыўная нацыянальная iдэя, нацэленая на ўладкаванне польскай, беларускай, лiтоўскай, украiнскай нацыянальных дзяржаў.